суббота, 10 марта 2018 г.

Про Малую Притерпу в газете Бярэзінская Панарама


Статья про Малую Притерпу под названием "Мары збываюцца з надзеяй бацькоў"  23.08.2016 в газете Бярэзінская Панарама Міланай ТРАПЯНОК
опубликована

Той, хто шмат вандраваў за межамі краіны, амаль заўсёды кажа: «У гасцях добра, а дома лепш!». І сапраўды, дзе б мы ні былі, чаго б толькі не бачылі, але кожны раз мітуслівая душа цягнецца да родных мясцін, роднай хаты. Ці бачылі вы дзе­небудзь за мяжой больш прыгожыя палі, лясы, больш шырокую і раздольную прастору рэк і азёр, ці чулі вы больш мілагучныя спевы салаўя? Ды ці заменіць танны шопінг па замежных крамах і кафэ душэўны камфорт і спакой, празрыстае паветра і заспакоенасць, якія нясе кожнаму родная зямля? Менавіта так пачалі вядучыя свята неверагодна маляўнічай і адной з самых прыгожых вёсак у раёне ­ Прыцерпа.

Традыцыйна гістарычны шлях любога населенага пункта не можа быць простым. Кожная вёсачка багатая сваёй гісторыяй, культурнымі каштоўнасцямі. Аднак вёску на мяжы чатырох раёнаў – Чэрвеньскага, Клічаўскага, Асіповіцкага і Бярэзінскага, якая размясцілася на высокім і велічным беразе ракі Бярэзіны сярод багатых лясных гушчароў у самым цэнтры Еўропы, нібыта знарок абышлі бокам «гучныя» гістарычныя падзеі. Тут ніколі не было сваёй царквы, касцёла і нават старажытных помнікаў архітэктуры, а ў наваколлі ніхто і не памятае ўнікальных ці проста вядомых вытворчасцей. Не знайсці аб вёсцы інфармацыі ў інтэрнэце.

Згодна з раённай кнігай «Памяць», вёска Прыцерпа мае адносна «малады ўзрост» ­ 100 гадоў. Раней тут пражывалі 192 жыхары ў 33 дварах. Аднак ёсць і іншыя звесткі пра гэтую бярэзінскую вёсачку. Згодна з імі, у 1800 годзе Прыцерпа ўваходзіла ў склад зямель паноў Ваньковічаў і тут налічвалася 16 двароў з насельніцтвам у 126 чалавек.

Пасля таго, як узяла верх савецкая ўлада, пачалі ствараць калгасы. Не была выключэннем і вёска Прыцерпа. Тут у 1929 годзе стаў дзейнічаць калгас «Прасвет». Людскія планы на грамадскі і ўласны дабрабыт умомант перакрэсліў вераломны напад фашысцкай Германіі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны не вярнуліся ў родную вёску 12 жыхароў.

Адгрымела жудасная вайна і настаў час адраджаць гаспадарку, сваю вёску, нараджаць дзяцей і ствараць новыя традыцыі. На жаль, сваёй школы ў вёсцы ніколі не было, і дзеці хадзілі вучыцца далёка ў суседнюю вобласць. Дзеля гэтага хлопчыкам і дзяўчынкам даводзілася перапраўляцца па рацэ ў вёску Востраў. Менавіта вялікая цяга да ведаў прымушала адну з мясцовых жыхарак хадзіць у школу ажно ў Градзянку Асіповіцкага раёна. Шлях дзяўчыны, якую звалі Шура Хаткевіч, да школы ішоў праз лес. Цяпер Аляксандра Іванаўна Шталянкова жыве ў сталіцы, але з ранняй вясны да позняй восені рупіцца на дачы, якую трымае на месцы бацькоўскай сядзібы. Тут яна яшчэ па бацькоўскіх традыцыях садзіць агарод і падтрымлівае сялянскі парадак.

Мне, адной з нямногіх вяскоўцаў, пашчасціла вытрымаць дастойна ўсе іспыты і паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, ­ гаворыць Аляксандра Іванаўна. ­ Гэта было сапраўднай падзеяй у той час. Мой тата, звычайны сціплы і баязлівы вясковец, нават да апошняга не верыў, што я стану студэнткай прэстыжнай навучальнай установы. Аднак ён з маленства вучыў дзяцей верыць толькі ў свае сілы і марыць. Неяк ён прынёс у хату геаграфічную карту і папрасіў выбраць любы горад. Мой палец міжвольна ўказаў на Сан­Францыска. Дзіўна, але я там была. Здзейснілася «прадказанне» і ў майго брата. Праз пражытыя гады я думаю, што так бацькі нацэльвалі нас, бедных вясковых дзяцей, на больш шчаслівы лёс.

Бацькоўская навука мела свой плён. Аляксандра Шталянкова паспяхова прайшла праз усе выпрабаванні пасляваеннай, галоднай і халоднай вучобы ва ўніверсітэце, атрымала саюзнае размеркаванне ў Пензенскі навукова ­ да­следчы інстытут, знайшла сваё месца ў прафесіі матэматыка, выйшла замуж і нарадзіла траіх сыноў. Цяжкасцей за гэты час было пераадолена зашмат, але сілы давалі родная вёска і мудрыя бацькі.

Я, як і мой бацька, нацэльвала сваіх сыноў верыць у лепшае і спадзявацца на ўласныя сілы, ­ дадае жанчына. – Гэта дзякуючы ім, я пабывала ў розных куточках свету і пераканалася, што няма больш прыгожага і чароўнага месца на зямлі, чым вёска Прыцерпа. Сувязь з ёй дае сілы сёння не толькі мне, але і маім сынам, унукам, якія таксама навечна ўлюбёны ў гэты непаўторны і казачны край.

У 1965 годзе вёска Прыцерпа ўвайшла ў склад калгаса «Гвардзеец». Тады сюды прыехаў малады і прыгожы брыгадзір Васілій Аляксеевіч Вайцешын. Прыехаў і застаўся назаўсёды: 40 гадоў быў тут нязменным брыгадзірам.

У нашай вёсцы ніколі не было ні крамы, ні клуба, але жыццё літаральна бурліла, ­ успамінае мужчына. ­ Людзі даглядалі па гектару зямлі, апрацоўвалі калгасныя палеткі, працавалі ў паляводчай брыгадзе, даглядалі коней і авечак. Цяжка рупіліся вяскоўцы на зямлі, а ўвечары збіраліся ў адной з хат і танцавалі.

Васілій Аляксеевіч з першага позірку палюбіў вясковыя далягляды на высокім і крутым беразе ракі. Гэту любоў ён падзяляе са сваёй суджанай Таццянай Фёдараўнай, адной з самых старэйшых вяскоўцаў у Прыцерпе. Сёлета яна юбілярка, якая разменьвае дзявяты дзясятак. Жыццё жанчына пражыла дастойнае: ганарыцца любячым мужам, аўтарытэтам і павагай сярод людзей, добрымі дзецьмі і ўнукамі, якія лічаць за вялікае шчасце адпачываць і сядзець з імі за агульным сямейным сталом. Шмат нягод і цяжкасцей выпала на долю сям’і Вайцешыных, але не азмрочыла запалу іх пачуццяў і павагі адзін да аднаго. Пад бурныя апладысменты вяскоўцаў і ўсіх удзельнікаў свята гэтая прыгожая сямейная пара цнатліва цалавалася.

У гэтым годзе споўнілася 80 гадоў і Марыне Мікалаеўне Маслоўскай. У Прыцерпу яна пайшла замуж, нарадзіла і выхавала дзяцей, тут працавала паляводам, аўдавела і тут жадае пакінуць свой вечны след нашчадкам.

Мы так цяжка працавалі ў свой час, ­ гаворыць жанчына. ­ Пасля працы ў калгасе беглі на свае сядзібы, даглядалі вялікую хатнюю гаспадарку. Кармавых буракаў здавалі дзяржаве па тры прычэпы. Дзяцей сваіх выхоўвалі прама на палетках уласным працоўным прыкладам.

Бацькоўская навука і сёння не забыта сынам Марыны Мікалаеўны. На ўласным падворку і за ім няма слядоў закінутасці, усюды парадак і чысціня.

У правілах жыхароў вёскі Прыцерпа дбаць не толькі аб чысціні ў сваіх дварах, але і за імі, ­ зазначае Марына Мікалаеўна. ­ Яго падтрымліваюць не толькі карэнныя жыхары, але і дачнікі. Паглядзіце, колькі тут прыгожых кветак і дрэў, няма закінутых і забітых дошкамі дамоў, не ўбачыш бур’яну, а кожны імкнецца нечым здзівіць і парадаваць людзей на ніве добраўпарадкавання.

Дарэчы, дачнікі пішуць сваю новую старонку гісторыі ўнікальнай вёскі. Так, слыве Прыцерпа вёскай заўзятых аматараў рыбнай лоўлі сярод прадстаўніц слабай паловы чалавецтва. Няма тут роўных Галіне Міхайлаўне Кухаравай (Абрамовіч). Яна можа хоць кожны дзень частаваць сваю сям’ю смачнай і духмянай юшкай, бо ў рацэ дагэтуль багата рознай рыбы. Ды і не шкадуе рака Бярэзіна сваіх багаццяў Кацярыне Уладзіміраўне Карканіца, іншым аматаркам рыбалкі.

Дарэчы, здаўна жыве традыцыя ў жыхароў вёскі Прыцерпа частаваць гасцей не толькі юшкай з рачной рыбай, але і ўласнай садавінай і гароднінай. Штогод ганарацца мясцовыя гаспадары багатым ураджаем яблыкаў, груш і сліў, вырошчваюць тут самыя розныя гатункі памідораў і агуркоў, атрымалі надзейную прапіску на мясцовай зямлі дзіўныя кавуны і дыні. Няма тут пакуль толькі хатняй жывёлы, акрамя катоў і сабак. Аднак гэта мяркуе выправіць галоўны спецыяліст Багушэвіцкага сельскага Савета Таццяна Міхайлаўна Жукоўская.

Яна прыйшла на свята не з пустымі рукамі,а з «жывым» падарункам старасту вёскі Мікалаю Уладзіміравічу Маслоўскаму. Цяпер у самага маладога жыхара Прыцерпы хатняя гаспадарка будзе налічваць не толькі курэй, сабаку і ката, але і пару трусоў. Яны пакуль забаўляюць мясцовую дзятву і радуюць вока дачнікаў.

Дачнікі тут таксама асаблівыя, бо беражліва ставяцца да Пры­церпы, аберагаюць яе ад заняпаду і разбурэння. Гэта справа яднае людзей. Сведчаннем шчырай дружбы і сяброўскіх адносін з’яўляюцца ў Прыцерпе буслянкі. Іх некалькі на вёсцы, і гавораць яны аб ладзе паміж людзьмі. Пераканацца ў справядлівасці народнай прыкметы змог на свяце народны сямейна ­ абрадавы гурт «Радзіна» Новінскага Дома культуры. Гучнымі апладысментамі віталі іх у вёсцы, доўга не адпускалі і шумна падпявалі ў такт спевакам.

Спявалі мы нібыта ў сваёй сям’і, бо так шчыра і задушэўна, па­сямейнаму проста, як у Прыцерпе, нас яшчэ не віталі, ­ гаварылі самадзейныя артысты.

Ды і чаму здзіўляцца, калі толькі адна сям’я размясцілася тут на трох радах лавак. Бацькі ў іх памерлі, але дзеці пры любой магчымасці прыязджаюць у родную сядзібу з самых розных куточкаў свету, вязуць сваіх дзяцей і ўнукаў. Месца ў хаце ўсім не хапае, цяжка прыпаркаваць аўтамабілі, але не цесна тут нікому за семейным сталом у роднай сядзібе. У такіх лю­дзей мары збываюцца і прыносяць шчасце, бо бяруць пачатак з родных вытокаў і памяці продкаў. Пакуль гэта так, будзе жыць і квітнець Прыцерпа.

 Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ.